РУС БЕЛ ENG 中文

Яўген Войшніс з Воранаўскай сярэдняй школы — пра сакрэты вучнёўскай цікавасці да фізікі і інфарматыкі

06.03.2024

Калі воранаўцаў папрасіць сцісла апісаць сярэднюю школу райцэнтра, то гэта будзе выраз “сучасныя STEАM­тэхналогіі ў адукацыі”. У гэтым напрамку, пачынаючы са Scratch-праграмавання, упэўнена рухаюцца тут з 2013 года. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Адказ на пытанне, наколькі паспяхова, лепш за ўсё праілюструюць два факты. Толькі ў мінулым годзе 15 школьнікаў з Воранаўскай сярэдняй школы прайшлі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, а не так даўно сумесная распрацоўка педагога і вучаніцы перамагла ў адной з намінацый абласнога этапу рэспуб­ліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.

— Упершыню на факультатыў па Scratch-праграмаванні прыйшла ў 6 класе. Ужо ў 9-м стала ўдзельніцай адукацыйнай змены ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. І гэты вопыт толькі дапамог упэўніцца, што я хачу займацца распрацоўкай цікавых праектаў. З’явілася ідэя стварэння пратэза, раздрукаванага на 3D-прынтары, — па­дзялілася дзесяцікласніца Ксенія Белікава.

Шлях ад ідэі да яе ўвасаблення заняў крыху больш за тры месяцы, і не так даўно распрацоўка школьніцы і таленавітага педагога Яўгена Войшніса была прызнана лепшай у намінацыі “Ахова здароўя” на абласным этапе конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Ма­дэль цягавага пратэза рукі з выкарыстаннем пнеўмасістэм прыкавала ўвагу ўсіх гасцей і ўдзельнікаў конкурсу. Дзякуючы камп’ютарнаму кіраванню пратэз прыходзіць у дзеянне і можа ўтрымаць прадмет вагой да 2,5 кілаграма.

— Пасля перамогі ў раённым этапе конкурсу першапачатковую канструкцыю ўдасканалілі: не мяняючы прынцып работы, зрабілі яе лягчэйшай і бясшумнай, — рас­казвае Я.Войшніс.

Шлях у прафесіі для Яўгена Валер’евіча пачаўся больш за 6 гадоў назад. Яшчэ школьнікам ён быў упэўнены, што паступаць бу­дзе ў галоўны педагагічны ўніверсітэт краіны.

— На фізмаце БДПУ на момант паступлення вучылася каля дзесяці выпускнікоў маёй школы. Так што ў педагогіку прыйшоў, як кажуць, за кампанію, — з усмешкай заўважае суразмоўнік і дадае, што за гады работы зразумеў: з выбарам не памыліўся.

Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце Я.Войшніс пазнаёміўся з робататэхнікай, якой так захоплена ў добрым сэнсе заражае сёння воранаўскіх школьнікаў. Настаўнік прызнаецца, што нават крыху зайздросціць пакаленню сучасных дзяцей. У іх узросце педагог і падумаць не мог аб тэхналогіях такога ўзроўню. Для яго вучняў усё гэта звыклыя рэчы, у якіх яны адчуваюць сябе як рыбы ў вадзе, у тым ліку дзякуючы заняткам з Яўгенам Валер’евічам.

Упершыню як педагог парог школы ён пераступіў у 2017 годзе. І практычна з гэтага часу яго вучні — нязменныя ўдзельнікі на­цыянальнага этапу Міжнароднай Scratch-алімпіяды па крэатыўным праграмаванні.

— Праца педагога — гэта пастаянны шлях самаўдасканалення, — упэўнены сураз­моўнік. — Калі ў 2022 годзе наша ўстанова адукацыі трапіла ў лік 150 школ краіны, якія атрымалі камплекты канструктараў “РОББО”, актыўна заняўся ўласным навучаннем праз сістэму проб і памылак. Тым, хто сёння толькі пачынае падобны шлях, нашмат прасцей: ёсць тэматычныя чаты падтрымкі педагогаў, пэўнае метадычнае суправаджэнне. З іншага боку, веды, да якіх ты прыйшоў сам, маюць значна большае значэнне, іх па-іншаму асэнсоўваеш.

Нараўне з такімі папулярнымі сярод школьнікаў факультатыўнымі заняткамі па Scratch-праграмаванні і робататэхніцы Яўген Войшніс выкладае інфарматыку і фізіку.

— Імкнуся з першых заняткаў захапіць дзяцей гэтымі прадметамі. І ў нашай установе ёсць усе ўмовы стварыць “ваў-эфект”, — дзеліцца сакрэтам вучнёўскай цікавасці да прадметаў педагог.

На ўроках фізікі ён актыўна прымяняе магчымасці лічбавых лабараторый STEАM-­адукацыі. Для дзевяцікласнікаў і сямікласнікаў, напрыклад, разам з калегай на платформе Micro:bit стварыў вымяральнік хуткасці і паскарэння. Аналагічным чынам для дзесяцікласнікаў з розных датчыкаў збіралі ўстаноўку, якая вымярае адносную вільготнасць паветра. Пры дапамозе нагляднай мадэлі вывучаюць тэму “Праходжанне святла праз аптычныя элементы” і вучні 11-х класаў. Спецыяльна для гэтага педагог сабраў невялікую макетную ўстаноўку з выкарыстаннем лазера.

— Падчас падрыхтоўкі да турніру юных фізікаў разам з вучнямі збіралі ў тым ліку лазерны мікраскоп для вывучэння часціц, якія знаходзяцца ў вадзе. Праводзілі і невялікае даследаванне з яго выкарыстаннем. Для параўнання бралі расталы снег і дыстыляваную ваду, — расказвае педагог.

Нельга не адзначыць, што ўжо на працягу некалькіх гадоў самыя працяглыя школьныя канікулы ў раёне пачынаюцца з аздараўленчай змены профільнага лагера “Лічбаград” у Воранаўскай сярэдняй школе. На працягу ўсёй змены дзеці захоплена займаюцца праграмаваннем пад кіраўніцтвам Я.Войшніса.

Сучасная школьная STEАM-лабараторыя з’яўляецца яшчэ і месцам прафесійнага росту для дзесяці- і адзінаццацікласнікаў. Шмат у чым дзякуючы ўдзелу ў эксперыментальным праекце БДУІР, школьнікаў вучаць спецыяльнасці “Наладчык праграмнага і апаратнага забеспячэння”. Напрыканцы навучання выпускнікі атрымліваюць адпаведнае пасведчанне.

Дырэктар Воранаўскай сярэдняй школы Валерый Валынец:

— Не так даўно навучэнец нашай школы заняў 1-е месца ў нацыянальным адборы Міжнароднай Scratch-алімпіяды па крэатыўным праграмаванні на рэспубліканскім узроўні і стаў удзельнікам фінальнага этапу. А педагогам, якія рыхтуюць дзяцей да такіх спабор­ніцтваў ідэй, — Яўгену Войшнісу і Эміліі Бабуль — былі прысвоены званні Scratch-гуру.

Дзякуючы таленавітым педагогам, нашы вучні маюць поспех і ў алімпіядным руху. На абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у скарбонцы ўзнагарод установы толькі сёлета тры прызавыя месцы. Вучаніца Таццяны Пушнянковай, выдатніка адукацыі, хутка прадставіць школу на заключным этапе па грамадазнаўстве.

З 2022 года наша ўстанова адукацыі ўваходзіць у Асацыяцыю школ Расіі і Беларусі. Кожны тыдзень на дыстанцыйных пасяджэннях з педагогамі са Смаленска абмяркоўваюцца работы і напрацоўкі ў сумеснай навукова-практычнай дзейнасці. Такое супрацоўніцтва спрыяе паспяховаму ўдзелу нашых навучэнцаў у дыстанцыйных конкурсах. Да таго ж наладжаны абмен вопытам з установай адукацыі Несцераўскага муніцыпальнага раёна Калінінградскай вобласці.

Источник: https://nastgaz.by