РУС БЕЛ ENG 中文

Гісторыя краіны праз гісторыю малой радзімы. Як малады педагог з Гродна праводзіць урокі краязнаўства?

04.03.2024

Чацвёрты год у гімназіі № 7 імя В.Ц.Калакольнікава Гродна настаўнікам гісторыі працуе Кірыл Ананька, аспірант Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Яму як маладому таленавітаму навукоўцу за важкі ўклад у беларускую навуку ў 2024 годзе прызначана стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Урокі Кірыла Дзмітрыевіча праходзяць цікава, займальна, эмацыянальна, у атмасферы дабра, узаемаразумення, жывых зносін, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Вольга Лонская. — У студзені гэтага года малады педагог ужо атрымаў першую кваліфікацыйную катэгорыю. Яго вучні перамагаюць на гарадскіх і абласных НПК, Каложскіх адкрытых абласных навукова-адукацыйных чытаннях, рэспубліканскіх анлайн-конкурсах па гісторыі Беларусі. Педагог друкуецца ў гістарычных часопісах, зборніках артыкулаў міжнародных канферэнцый. Кірыла Дзмітрыевіча запрашаюць у склад журы на гарадскія і абласныя канферэнцыі, на тэматычныя сустрэчы з навучэнцамі, у тым ліку ў межах “Школы актыўнага грамадзяніна”. Ён праводзіць экскурсіі ў музеі сялянскага побыту і традыцый беларускай культуры гімназіі.

— Родам я з Баранавіч, дзе скончыў гімназію № 4, — дзеліцца Кірыл Ананька. — Вялікі ўплыў на мяне аказала настаўніца гісторыі Таццяна Мікалаеўна Воўк. У рабоце з класам яна прымяняла метады візуалізацыі, сучасныя кампетэнтнасныя падыходы, работу ў групах. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы я скончыў з адзнакай, атрымаў кваліфікацыю “гісторык. Выкладчык гісторыі і сацыягуманітарных дысцыплін”. Яшчэ на 1 курсе пачаў пісаць першыя навуковыя работы, удзельнічаць у навуковых канферэнцыях, семінарах. Атрымаў ступень магістра па спецыяльнасці “Айчынная гісторыя”. Зараз вучуся ў аспірантуры і пішу кандыдацкую дысертацыю па тэме “Беларускія гімназіі ў грамадска-палітычным і культурным жыцці Заходняй Беларусі (1919—1939 гг.)” пад навуковым кіраўніц­твам кандыдата гістарычных навук дацэнта Аляксандра Сяргеевіча Горнага.

Як малады вучоны ў 2024 годзе Кірыл Ананька быў удастоены стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за вызначэнне месца і ролі беларускіх гімназій у грамадска-палітычным і культурным жыцці Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд, укараненне метаду калектыўнай біяграфіі для вывучэння вучнёўскага і педагагічнага складу беларускіх гімназій, распрацоўку канцэпцыі гімназій як нацыянальна-культурных цэнтраў па захаванні беларускай ідэнтычнасці ва ўмовах паланізацыі.

На сваіх уроках Кірыл Дзмітрыевіч выкарыстоўвае краязнаўчы матэрыял (у 6—9 класах гэта магчыма ў межах тэмы “Наш край” або пры абагульненні розных тэм). Блізкія для яго аказаліся прыёмы работы, пра якія пісаў беларускі педагог і метадыст, кандыдат педагагічных навук А.А.Карзюк.

Першы прыём заключаецца ў фарміраванні цэласных ведаў у вучняў па агульных пытаннях гісторыі Беларусі, гісторыі роднага краю, раёна, вобласці.

— Так, па тэме “Разгортванне народнай барацьбы супраць германскіх акупантаў” у 9 класе я прапаную вучням скласці тэматычную абагульняючую табліцу, дзе побач з агульнагістарычным трэба адлюстра­ваць краязнаўчы матэрыял аб узнікненні і дзейнасці мясцовых партызанскіх і падпольных фарміраванняў, баявой славе падраздзяленняў і асобных герояў, — заўважае педагог.

Другі прыём — выяўленне агульнага і прыватнага ў падзеях, якія вывучаюцца, і з’явах агульнагістарычнага і мясцовага значэння.

— Вывучаючы тэму “Культура беларускіх зямель” у 6 класе, навучэнцы даследуюць і раскрываюць асаблівасці развіцця Гродзенскай архітэктурнай школы XI—XII стагоддзяў на тэрыторыі Гродна, — звяртае ўвагу Кірыл Дзмітрыевіч.

Трэці прыём — устанаўленне сінхроннасці падзей у гісторыі Беларусі і гісторыі роднага краю. З гэтай мэтай можна скласці сінхраністычную табліцу, якую прадста­віць наступнымі пунктамі: стагоддзе/год; па­дзея; гісторыя Беларусі; гісторыя краю.

— Вывучаючы падзеі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войн у Беларусі, амаль на кожным уроку можна выкарыстоўваць факты мясцовай гісторыі і ўспаміны сведак і ўдзельнікаў падзей. Урокі з прымяненнем гісторыка-краязнаўчага кампанента можна праводзіць у форме сустрэчы, экскурсіі, семінара, канферэнцыі, абароны праектаў, гульні, конкурсу, віктарыны і г.д, — тлумачыць педагог.

Якія гістарычныя характарыстыкі можна прымяніць у дачыненні да Гродна? 1. Адміністрацыйны статус населенага пункта ў розныя гістарычныя эпохі. 2. Агульнадзяржаўныя падзеі на тэрыторыі роднага краю. 3. Знакамітыя ўраджэнцы малой радзімы. 4. Архітэктурныя і іншыя помнікі ў гора­дзе. 5. Побыт і традыцыі мясцовага насельніцтва.

Навучэнцы рыхтуюць і прадстаўля­юць паведамленні аб дзейнасці сваіх родных і блізкіх, вядомых гродзенцаў, пасля клас задае пытанні, абмяркоўвае паведамленні.

Кірыл Дзмітрыевіч выкарыстоўвае метады і прыёмы, якія далуча­юць дзяцей да вывучэння гісторыі праз разумовую і фізічную актыў­насць (на прыкладзе матэрыялу, прапанаванага настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства базавай школы № 12 імя І.Е.Аляксеева Полацка А.М.Атвалка).

  1. “Краязнаўчая азбука”. Навучэнцы складаюць азбуку на аснове вывучанай інфармацыі, у тым ліку з гісторыі Гродна: А — архітэктурная школа; Б — Барысаглебская (Каложская) царква; В — Верхняя царква; Г — Гродна, гарадзішча; Д — Дзяцінец, Давыд Гара­дзенскі.
  2. “Асацыяцыі”. Настаўнік прапануе скласці асацыятыўную карту або рад, напрыклад, у рамках абагульнення па раздзеле “Беларускія землі ў другой палове ХІХ—пачатку ХХ ст.” у 9 класе: Пецярбургска-Варшаўская чыгунка, вялікі пажар, Э.Ажэшка, Л.Бакст, Н.Орда і г.д.
  3. “Краязнаўчая фізкультхвілінка”. На пытанні настаўніка вучні адказва­юць “так”, “не” або “сумняваюся”, здзяйс­няюць рух плячыма, галавой і рукамі. Могуць быць прапанаваны наступныя пытанні: 1. Гродна ўпершыню згадваецца ў 1127 годзе. 2. У Гродне знахо­дзіцца адзіны ўцалелы помнік Гродзенскай архітэктурнай школы. 3. Жыццё Гродна пачалося з Замкавай гары. 4. Наш горад быў каралеўскім. 5. Новы замак быў пабудаваны па загадзе караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. 6. Гарнавых памёр у баях за Гродна ў 1939 го­дзе. 7. Гродна быў выз­валены 16 ліпеня 1945 года. 8. У Гродне знаходзіцца адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў па вытворчасці мінеральных угнаенняў.
  4. “Хвіліна красамоўства”. За 1 хвіліну навучэнцам прапануецца выказацца па тэмах “Мой горад”, “Вуліца, дзе я пражываю…”, “Мая сям’я” і г.д.

Малады педагог выкарыстоўвае на сваіх занятках фрагменты відэафільмаў. Так, пры вывучэнні тэмы “Сацыяльна-эканамічнае станаўленне ў другой палове 1960-х — 1980-я гг.” (пры тлумачэнні матэрыялу аб будаўніцтве прадпрыемстваў прамысловасці) уключаецца фрагмент з дакументальнага фільма “Гродна Азот. Як усё пачыналася”. Вучні ства­раюць міні-праекты: прэзентацыі, плакаты і макеты з гісторыі Гродна.

Пры падрыхтоўцы да навукова-даследчых конкурсаў і канферэнцый педагог працуе з вучнямі індывідуальна: па пошуку дакументаў, зборы ўспамінаў і прадметаў матэрыяльнай і духоўнай культуры, іх аналізе і апісанні. У 2022 годзе на канферэнцыі “Край Гарадзенскі” было прадстаўлена даследаванне вучня Яна З’едзіна “Удзел Міхала Клеафаса Агінскага ў Гро­дзенскім сойме 1793 года” і атрыманы дыплом ІІІ ступені.

У 2023 годзе вучаніцы 10 класа Арыяна Ілючак і Вераніка Бурлакова выканалі работу “Дзейнасць партызанскіх атрадаў і падпольных арганізацый на тэрыторыі Гро­дзенскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, з якой выступалі ў раёне на НПК “Свет навукі: інтэлект, творчасць, культура”.

Напрыканцы мінулага года вучань 10 класа Фёдар Максімчык атрымаў дыплом III ступені на XII Каложскіх адкрытых абласных навукова-адукацыйных чытаннях за работу “Сродкі музычнай выразнас­ці ў песнапеннях праваслаўнай царквы”, падрыхтаваную пад кіраўніцтвам Кірыла Дзмітрыевіча. Зараз Фёдар рыхтуецца да адкрытай абласной краязнаўчай НПК навучэнцаў і студэнтаў “Купалаўская вышыня” з работай “Гродзенская беларуская гімназія (1920—1921 гг.)”.

— У вучняў узнікае асаблівая ціка­васць да наведвання розных гістарычных месцаў Гродна, да нефармальных інтэрактыўных экскурсійных прагулак па гора­дзе, — адзна­чае Кірыл Дзмітрыевіч. — Мы наведвалі экспазіцыі Гісторыка-археалагічнага музея і Музея гісторыі рэлігіі, прымалі ўдзел у экскурсіі “Святыні Гродна” па храмах: Фарны касцёл — Свята-Раства-Багародзіцкі манастыр — сінагога — Каложская царква, а таксама ў Гродзенскім некропалі — самых старых дзеючых могілках на тэрыторыі Беларусі. Пасля на ўроках навучэнцы дзеляцца на невялікія групы па 3—5 чалавек, размяркоўваюць ролі і праводзяць “экскурс” па сваіх тэмах для іншых навучэнцаў, распрацоўваюць экскурсійныя маршруты па Гродне.

Источник: https://nastgaz.by