РУС БЕЛ ENG 中文

Вынікі, навацыі, перспектывы. На пасяджэнні калегіі Мінадукацыі ацанілі работу галіны і ўзнагародзілі лепшых

01.03.2024

Галоўнай рухаючай сілай сістэмы адукацыі быў, ёсць і застанецца педагог. Гэта яшчэ раз падкрэсліў міністр адукацыі Андрэй Іванец у час пасяджэння выніковай калегіі ведамства, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Менавіта педагогі ствараюць аснову ведаў і каштоўнасцей новага пакалення. Ад іх прафесійных кампетэнцый і асабістых якасцей залежыць паспяховасць станаўлення асобы кожнага вучня, а значыць, і развіцця краіны ў цэлым, — адзначыў Андрэй Іванец.

Ён нагадаў, што ў мінулым годзе адбыліся тры нарады з удзелам кіраўніка дзяржавы. На іх былі разгледжаны пытанні ўдасканалення нацыянальнай сістэмы адукацыі. Акцэнт зроб­лены на выкананні галоўнага патрабавання — адпаведнасці адукацыі інтарэсам дзяржавы, развіцці з улікам запытаў эканомікі, а таксама раскрыцці патэнцыялу моладзі.

Лакаматыў развіцця

Падводзячы вынікі 2023 года, міністр адукацыі заўважыў, што знакавай падзеяй для ўсёй краіны стала выстава навукова-тэхнічных дасягненняў “Беларусь інтэлектуальная”, на якой айчынныя вучоныя прадставілі свае лепшыя распрацоўкі.

— Аднак універсітэцкая навука пакуль яшчэ не ў поўнай меры стала лакаматывам для пераўтварэння вышэйшай школы. Адзначаецца тэндэнцыя старэння прафесарска-выкладчыцкага складу і навуковых работнікаў, недастатковае замацаванне моладзі ў выкладчыцкай і навукова-даследчай дзейнасці. Корань гэтых праблем ляжыць не толькі ў галіне матэрыяльнага стымулявання маладых спецыялістаў, але і ў зацікаўленасці наву­ковых кіраўнікоў, іх адносінах да сваіх вучняў, у выбары актуальнай тэматыкі, — лічыць Андрэй Іванавіч.

У сваю чаргу намеснік кіраўніка Адмі­ністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Луцкі падкрэсліў, што ніякіх узрушэнняў у сістэме адукацыі быць не павінна. Пры гэтым ён анансаваў, што ў жніўні адбудзецца нарада з удзелам кіраўніка дзяржавы па “рэвізіі УВА”.

— Асаблівай увагі патрабуюць пытанні цякучасці і старэння прафесарска-выкладчыцкага складу, а таксама павышэння колькасці навукоўцаў. Штогод каля 7,5 тысячы чалавек паступае ў магістратуру, але потым мы губляем кадры і да доктарскай даходзяць адзінкі. Трэба прааналізаваць, чаму так адбываецца, — заўважыў Ігар Луцкі.

Ён перакананы, што за сістэмай адукацыі будучыня ўсёй краіны:

— Дзякуй усім настаўнікам, педагогам і выкладчыкам за тую працу, якую вы робіце, але яе трэба рабіць утрая якасней.

Мінулы год быў дастаткова насычаным для адукацыі Беларусі падзеямі, якія сталі фактычна іспытам для ўсёй сістэмы. Гэта правядзенне ЦЭ і ўступнай кампаніі па новых правілах.

— Асноўная выснова — прапанаваныя навацыі далі станоўчы эфект. Больш за 4 тысячы адораных і матываваных абітурыентаў сталі студэнтамі УВА без уступных іспытаў. Каля 17 тысяч мэтавікаў, выпускнікоў кале­джаў і іншых абітурыентаў залічаны па выніках здачы ўнутраных экзаменаў. Былі створаны дадатковыя магчымасці для паступлення ў рэгіянальныя УВА па выніках універсітэцкіх алімпіяд. Таксама асобную траекторыю паступлення атрымалі выпускнікі профільных класаў, ліцэяў пры ўніверсітэтах і Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Як вынік — зніжэнне колькасці выпускнікоў, якія накіраваліся вучыцца за мяжу, і прыток найбольш таленавітай моладзі ў айчынныя УВА, — паведаміў Андрэй Іванец.

Надзённыя пытанні

На пасяджэнні калегіі закранулі і пытанні падрыхтоўкі школ да новага навучальнага года. Ужо зацверджаны планы рамонту школ на 2024—2026 гады, у 1,5—2 разы павялічаны аб’ём грашовых сродкаў для выканання рамонтных работ у бягучым годзе. Летась былі закуплены 275 школьных аўтобусаў, 151 з іх — па распараджэнні Прэзідэнта Беларусі. На гэты год запланавана набыццё 250 адзінак аўтатранспарту.

У мінулым годзе па даручэнні ўрада быў рэалізаваны пілотны праект па паляпшэнні школьнага харчавання. Па яго выніках выпрацаваны новыя падыходы. З 1 верасня больш за 67% школ перайшлі на новыя прынцыпы арганізацыі харчавання, а з 1 студзеня гэтага года такіх устаноў адукацыі стала ўжо 76%. Астатнія ўстановы павінны перайсці на новыя прынцыпы харчавання вучняў з 1 верасня 2024 года.

Андрэй Іванец асобна спыніўся на пытаннях інклюзіўнай адукацыі:

— Сёння мы абавязаны забяспечыць даступнасць і якасць адукацыі для кожнага дзіцяці — гэта сутнасць прынцыпу інклюзіі. Менавіта таму асаблівая ўвага з боку дзяржавы ўдзяляецца дзецям з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. А іх сёння больш за 180 тысяч, гэта амаль 10% дзіцячага насельніцтва ва ўзросце да 18 гадоў. Вядзецца планамерная работа па фарміраванні інклюзіўнай культуры навучэнцаў, іх бацькоў і педагогаў.

Што тычыцца самых маленькіх беларусаў, то дашкольнай адукацыяй ахоплены 89% дзяцей ад 3 да 6 гадоў. Аднак застаецца пытанне: а ці кожнае дзіця атрымала месца ў садку?

— У сістэме дашкольнай адукацыі неабходна завяршыць перавод у электронны фармат пастаноўку дзяцей на ўлік для прадастаўлення месца ў дзіцячых садах. Таксама важна, каб усе дашкольнікі ў краіне былі ў аднолькавых умовах. У нас шмат робіцца па будаўніцтве новых, сучасных дзіцячых садоў, якія абсталёўваюцца па апошнім слове тэхнікі. Але і тыя дзеці, якія наведваюць установы дашкольнай адукацыі больш ранняга часу пабудовы, не павінны адчуваць сябе горш, — сказаў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка.

Прафесійны драйвер

Гаварылі на калегіі і пра сістэму прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Намеснік прэм’ер-міністра даручыў Міністэрству адукацыі сумесна з РІПА распрацаваць праграму развіцця ПТА і ССА на наступныя тры гады з індыкатарамі ацэнкі эфектыўнасці яе рэалізацыі.

— РІПА неабходна развіваць дзей­насць усіх каледжаў, а не толькі сваіх падведамасных, быць драйверам у адкрыцці новых і перспектыўных прафесій і не закрываць вочы на выпуск асобнымі каледжамі рабочых кадраў учарашняга дня. Трэба весці работу па кадравым забеспячэнні каледжаў і ўмацаванні іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, выконваць вядучую ролю ў сумеснай рабоце з каледжамі і заказчыкамі кадраў па павышэнні прэстыжу рабочых прафесій сярод навучэнцаў і іх бацькоў, — акцэнтаваў увагу Ігар Петрышэнка.

Як паведаміў міністр адукацыі, з мэтай якаснай падрыхтоўкі кадраў і збліжэння прафесійнай адукацыі з рэальным сектарам эканомікі наладжана цеснае міжведамаснае ўзаемадзеянне. Сістэматычна пераглядаецца пералік спецыяльнасцей з абавязковым прыцягненнем тых, хто заўтра возьме да сябе выпускнікоў каледжаў. Так, летась спынілі падрыхтоўку па звыш 160 кваліфікацыях і адкрылі па больш як 120.

Былі акрэслены і задачы для вышэйшай школы. Сярод іх — заданне кожнай УВА правесці абарону спецыяльнасцей з улікам свайго профілю да 20 сакавіка.

— Актуальным пытаннем застаецца няпрофільная падрыхтоўка ва ўніверсітэтах, ад якой трэба пазбаўляцца. Асаблівую ўвагу рэктараў звяртаю на дэталёвую праверку ўсёй сістэмы вышэйшай адукацыі. Год якасці ўскладае асаблівую адказнасць на ўсіх, хто працуе ў сферы адукацыі, бо ў вашых руках нацыянальная бяспека краіны, — перакананы Ігар Петрышэнка.

Знакавы 2024-ы

Міністр адукацыі абазначыў ключавыя задачы на гэты год. Сярод іх:

— глыбокі аналіз нацыянальнай сістэмы вышэйшай адукацыі і забеспячэнне павышэння яе якасці;

— рэалізацыя дарожнай карты развіцця сістэмы падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў сярэдняга звяна для эканомікі і сацыяльнай сферы краіны;

— завяршэнне работы па карэкціроўцы вучэбных праграм і дапаможнікаў на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі з улікам патрабаванняў і сучасных падыходаў да забеспячэння якасці адукацыйнага працэсу;

— сістэмнае ажыццяўленне канцэпцыі падрыхтоўкі асоб з АПФР да працоўнай дзейнасці, сямейнага жыцця, іх са­цыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства.

І падсумаваў:

— Мы павінны забяспечыць падтрымку праектаў і ініцыятыў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне моладзі. Ад гэтага залежыць будучыня нашай краіны.

Дастойная ацэнка

Па выніках 2023 года 12 устаноў адукацыі прызнаны лепшымі. 

Нашы педагогі ствараюць аснову ведаў і каштоўнасцей новага пакалення. Ад іх прафесійных кампетэнцый, ведаў, уменняў і асабістых якасцей залежыць, якая асоба выйдзе са сцен нашых устаноў адукацыі. Менавіта таму ў краіне асаблівая ўвага ўдзяляецца падтрымцы педагагічных кадраў, настаўнікаў і выкладчыкаў.

У мінулым годзе дзяржаўнымі і ведамаснымі ўзнагародамі адзначаны больш за 2 тысячы педагогаў.

Аднак у той жа час застаецца праблема дэфіцыту кадраў у асобных галінах. Больш за ўсё не хапае настаўнікаў фізіка-матэматычнага профілю і пачатковых класаў, выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў.

— Штогод у галіну прыходзяць больш за пяць тысяч маладых спецыялістаў. Толькі за апошнія два гады набор у нашы пед­універсітэты павялічаны практычна ў 1,5 разу. Наша задача — забяспечыць якасны адбор матываваных і падрыхтаваных выпускнікоў школ для атрымання прафесіі педагога, — падкрэсліў міністр адукацыі.

На пасяджэнні выніковай калегіі ведамства 12 устаноў адукацыі названы лепшымі па выніках 2023 года: галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, упраўленне па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама, дзіцячы сад № 1 Дзяржынска Мінскай вобласці, Зубкоўскі дзіцячы сад “Буслік” Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці, гімназія № 1 Слуцка Мінскай вобласці, сярэдняя школа в.Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна, Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Слонімскага раёна, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна, Слуцкі дзяржаўны каледж, Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прамыслова-тэхналагічны каледж, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і Беларуска-Расійскі ўніверсітэт.

Дарэчы, многія з гэтых устаноў былі задзейнічаны на выставе, якая сустракала ўдзельнікаў калегіі. У тым ліку дзіцячы сад № 1 Дзяржынска, сярэдняя школа вёскі Чарнаўчыцы, ЦКРНіР Слонімскага раёна, Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прамыслова-тэхналагічны каледж, Слуцкі дзяржаўны каледж, БДПУ.

Былі таксама прадстаўлены работы рэспубліканскай выставы-конкурсу дзіцячай і маладзёжнай творчасці “PROосвобождение”, прысвечанай 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Да таго ж восем чалавек атрымалі нагрудныя знакі Мінадукацыі “Выдатнік адукацыі”. Усяго ўзнагароды атрымалі больш за 40 лепшых работнікаў і ўстаноў сферы адукацыі. Сярод іх і Наталля Чырыца — педагог-наватар, настаўніца адаптыўнай фізічнай культуры сталічнай сярэдняй школы № 111 імя Міхаіла Каснерыка. Яна стварае інавацыйныя праекты і працуе з дзецьмі з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату ў класах інтэграванага навучання і выхавання.

Атрымаўшы падзяку прэм’ер-міністра, Наталля Уладзіміраўна прызналася:

— Вельмі прыемна, што наша сістэма адукацыі заўважае вынікі карпатлівай працы простых педагогаў і годна ацэньвае іх уклад у выхаванне падрастаючага пакалення.

Барыс Бяляеў, загадчык аддзела аэра­касмічных даследаванняў Інстытута прыкладных фізічных праблем імя А.Н.Сеўчанкі БДУ, атрымаў Ганаровую грамату Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі за ўклад у навуковую і інавацыйную дзейнасць краіны:

— Чалавеку заўсёды прыемна, калі ацэньваюць яго працу. Сёння мы ствараем прыборы для МКС, рыхтуем у палёт беларускага касманаўта Марыну Васілеўскую, якая будзе працаваць з нашай апаратурай на борце станцыі. У мяне аспіранты, магістранты, студэнты, адзін з вучняў рыхтуецца да абароны кандыдацкай дысертацыі. Развіваемся самі і развіваем нашу краіну!

Источник: https://nastgaz.by