РУС БЕЛ ENG 中文

Аздараўленчы лагер — школа маладога кадэта

22.07.2021

Будучыя кадэты, а пакуль навучэнцы Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча ў аздараўленчым лагеры “Юны кадэт”, змена якога носіць назву “Кадэцтва — старт маршруту юнага патрыёта”, адаптуюцца да ладу жыцця, якое выбралі для сябе на найбліжэйшыя гады.

Юнакі і дзяўчаты ўжо паступілі ў вучылішча, а змена ў лагеры на яго базе — першы крок у самастойнае, дарослае жыццё. Пад’ём па распарадку, ранішняя зарадка, заняткі на пляцы — усё для іх пакуль у навінку. Але поруч педагогі і выхавальнікі, дарослыя, на падтрымку якіх яны цяпер заўсёды могуць разлічваць. Ды і магчымасць пазнаёміцца, завесці сяброў, паўдзельнічаць разам у спартыўных спаборніцтвах, інтэлектуальных гульнях і творчых вечарах толькі дапаможа юным навабранцам уліцца ў новы калектыў.

— Асаблівую ролю ў выхаванні будучых кадэтаў, а затым і афіцэраў адыгрываюць мерапрыемствы грама­дзянска-патрыятычнай накіраванасці, што стала прыярытэтным напрамкам дзейнасці змены “Кадэцтва — старт маршруту юнага патрыёта”, — падкрэсліў дырэктар Гро­дзенскага абласнога кадэцкага вучылішча Сяргей Якубовіч. — Спецыфіка лагера ў тым, што мы сумяшчаем адаптацыю да кадэцкага жыцця навабранцаў з разнастайнымі формамі іх актыўнага адпачынку. Юнакі і дзяўчаты прывыкаюць да раскладу дня і заняткаў, з якімі яны сутыкнуцца з першага верасня. Падчас лагернай змены яны вучацца парадку, перш за ўсё гэта самастойнае пражыванне, самаабслугоўванне і выкананне строгага распарадку дня, чаго не было ў іх звыклым школьным жыцці. Важнасць гэтага этапу ў тым, што маладыя людзі ўвойдуць у рытм свайго новага жыцця як мага больш хутка і без страты цікавасці да далейшага навучання ў кадэцкім вучылішчы. На сённяшні дзень ні адзін не сказаў, што яму тут цяжка, нягледзячы на тое, што фізічныя і псіхалагічныя нагрузкі ў параўнанні са школай сур’ёзныя.

На працягу кожнага з 15 дзён традыцыйнай лагернай змены для навабранцаў арганізаваны заняткі, якія рыхтуюць іх да кадэцкага жыцця. Кожная раніца пачынаецца са страявой падрыхтоўкі. З імі займаюцца педагогі, якія вя­дуць дапрызыўную падрыхтоўку, іх будучыя выхавальнікі на працягу наступных чатырох гадоў. Дапамагаюць і кадэты-старшакласнікі. Юныя навабранцы прыслухоўваюцца да сваіх старэйшых таварышаў, з цікавасцю слухаюць аповеды пра кадэцкае жыццё. Нават бацькам прызнаваліся, што ім спадабаліся заняткі з кадэтамі і на пляцы, і па навядзенні парадку ў пакоях.

Цікавымі для ўсіх сталі заняткі на электронным стралковым трэнажоры. Набытыя першыя навыкі дапамогуць у спаборніцтвах паміж узводамі, на якіх звычайна навабранцам складана праявіць сябе.

— Праводзяцца часы кадэта, на якіх з маладымі лю­дзьмі абмяркоўваюцца такія пытанні, як гонар кадэта, гонар афіцэра, доўг, статут, а таксама абавязкі кадэта і афіцэра, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча Настасся Брэзіна. — Мы ім паказваем, што чатыры гады ў вучылішчы — добрая падрыхтоўка да таго, што іх чакае ў будучыні. Вучым іх, што кадэцкая форма — гэта не проста прыгожае адзенне, яны павінны з гонарам насіць яе і заўсёды ёй адпавядаць. Мы расказваем будучым афіцэрам пра сілавыя структуры Беларусі, якія супрацоўнічаюць з вучылішчам, першыя сустрэчы з іх прадстаўнікамі ўжо былі арганізаваны. Юнакі і дзяўчаты наведалі пагранічную камендатуру “Парэчча”. Прайшлі мерапрыемствы з удзелам супрацоўнікаў МНС, выпускнікоў вучылішча. Сустрэчы з супрацоўнікамі сілавых структур і выпускнікамі ў вучылішчы традыцыйныя. Важна далучаць да дыялогу з афіцэрамі і новае пакаленне. Ім цяпер вельмі важная падтрымка менавіта такіх людзей.

.

Моладзь сама выбрала для сябе шлях у кадэцтва. Паразмаўляўшы з удзельнікамі лагера, пачула ў адказ, што ў сваім выбары яны не расчараваліся.

Мілена Седзінеўская дагэтуль вучылася ў школе алімпійскага рэзерву ў Гродне, займаецца гандболам і лёгкай атлетыкай.

— Я вырашыла паступіць у кадэцкае вучылішча, таму што заўсёды марыла звязаць сваё жыццё з выратаваннем людзей, хачу працаваць у МНС, — расказала дзяўчына. — У лагеры ўсё падабаецца: цікавыя мерапрыемствы, экскурсіі, сустрэчы з вайскоўцамі, а яшчэ мы тут і спяваем, і вершы чытаем. Першага верасня ўсім узводам будзем маршыраваць на пляцы, затым — прысяга. Так што першы крок у самастойнае жыццё зроблены.

Яраслаў Бараноўскі, які прыйшоў у вучылішча з Сапоцкінскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна, прызнаўся, што сапраўды шчаслівы, бо гэта была яго мара. Юнак бачыць сябе ў будучыні ў ролі афіцэра і заўсёды хацеў прадоўжыць справу дзеда Івана, які ўзначальваў узвод. Ганарыцца Яраслаў прадзедам, які быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Змена ў лагеры дапамагла яму атры­маць першыя веды і навыкі кадэцкага жыцця, адаптавацца да новага калектыву.

Крыніца:https://nastgaz.by