Лета - дзіўная пара
21.06.2021
Летнія канікулы для дзяцей сярэдніх груп дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.п.Карэлічы праходзяць весела і з максімальным выкарыстаннем летняга часу для ўмацавання здароўя і стварэння станоўчага настрою. З гэтай мэтай шырока выкарыстоўваюцца разнастайныя формы актыўнага адпачынку і музычныя забавы.
Надвор’е дазваляе часцей збірацца ўсім разам на свежым паветры . Так, 16 чэрвеня выхаванцы сярэдніх груп актыўна ўдзельнічалі у музычнай забаве “ Маша на дарозе” . Разам з Машай і Мядзведзем дзеці ўспомнілі правілы паводзін на дарозе і сігналы святлафора, пагулялі ў гульні “Чырвоны. Жоўты. Зялёны”, “ Мы – шафёры”, успомнілі дарожныя знакі. Забава суправаджалася вясёлай музыкай і песнямі. Музычны кіраўнік Жукоўская А.І. падрыхтавала з выхаванцамі песню “Лета” і “Цягнічок”, камунікатыўную музычную гульню “Вясёлы танец” і гульню-танец “Карагод сяброў”. У канцы мерапрыемства дзеці ўдзельнічалі ў віктарыне “ Ведаю правілы дарожнага руху”. Пераможцы атрымалі размалёўку з дарожным знакам.
Развіццю ў дзяцей умення выкарыстоўваць рухальны вопыт ва ўмовах эмацыльных зносін з аднагодкамі , пабуджэнню кожнага дзіцяці да максімальнага праяўлення сваіх здольнасцей садзейнічаў Дзень здароўя “Спартыўнае лета”, які адбыўся 18 чэрвеня. У гэты раз да дзяцей завіталі клоуны Бом і Біма. Разам з вясёлым Бомам выхаванцы зрабілі размінку і пагулялі ў гульні “ Якога колеру кубік?”, “Збярыся ў каманду”.
А калі на пляцоўку завітала Біма, то дзеці здівіліся, чаму яна прыйшла ў цёплым адзенні і сумная. Выхаванцы адразу далі ёй параду зняць лішняе адзенне і прапанавалі разам заняцца спортам. Біма актыўна ўключылася ў эстафеты “ Каляровы сцяжок”, “ Па купінках”, “ Змейка”, “ Пакладзі і збяры” , дзе кожны з дзяцей меў магчымасць свабодных зносін і дзеяння ў сваім тэмпе. Таму на стадыёне раздаваліся выклікі падтрымкі кожнага з удзельнікаў і вясёлы смех. Закончыўся Дзень здароўя камунікатыўным танцам “ Мы-сябры”.
Летнюю работу ва ўстанове дашкольнай адукацыі прынята называць аздараўленчай. Таму і далей мы будзем максімальна выкарыстоўваць летні час для умацавання здароўя дзяцей і загартоўвання дзіцячага арганізму. Таму што лета - дзіўная пара.