РУС БЕЛ ENG 中文

Вучымся размаўляць па-беларуску праз дыдактычныя гульні

12.05.2021

 

"Нельга забываць пра тое, што вядучая дзейнасць дашкольнікаў - гульнявая. Менавіта ў ходзе гульні выбудоўваецца сістэма ўзаемаадносінаў дзіцяці са знешнім светам, развіваюцца псіхічныя функцыі, сярод якіх гаворка займае асноўнае месца. Дзіця, свабодна выказваючы свае думкі і пачуцці, развівае ў гульні маўленчыя навыкі.

Дыдактычная гульня - моцны стымулятар разумовай і камунікатыўнай дзейнасці дзяцей. Гульнявая дзейнасць падахвочвае дзяцей да зносін адзін з адным, спрыяе замацаванню навыкаў карыстання ініцыятыўнай прамовай, спрыяе ўдасканаленню гутарковай мовы; спрыяе ўзбагачэнню слоўніка, аказвае ўплыў на фарміраванне граматычнага ладу мовы. Яна дазваляе замацаваць веды і навыкі выхаванцаў, прымяніць іх на практыцы, прывучае да самастойнасці ў працы, выкананні нормаў маўленчага этыкету, актывізуе творчую дзейнасць.

Дыдактычная гульня як сродак развіцця беларускага маўлення дае магчымасць авалодаць роднай мовай не пад прымусам, а непрыкметна і лёгка, з задавальненнем пачаць размаўляць на ёй і дзяліцца радасцю свайго адкрыцця з бацькамі і сябрамі.

Добра арганізаваная гульня даводзіць разумовую і эмацыянальную актыўнасць дзяцей да такога ўзроўню, якога ніколі не бывае пры звычайным навучанні, бо яна аб’ядноўвае мэту, дзеянне, вынік, мабілізуе веды і ўвагу, прыцягвае да ўдзелу нават пасіўных дзяцей.

Распрацаваныя дыдактычныя гульні, якія я выкарыстоўваю ў адукацыйным працэсе  на замацаванне ведаў пра наваколле і пашырэнне, удакладненне і актывізацыю беларускага слоўніка я для сябе раздзяліла наступным чынам:

гульні на пашырэнне,  удакладненне  і актывізацыю слоўніка:

“Пачастуем Янку і Арынку”, “Чым частуюць гасцей у Беларусі”, “Моўны цягнічок”, “Што надзенем ляльцы Яніне на прагулку”, “Хто што робіць?”, “Прыдумай бекларускае слоўца ці адкажы: “Які?”, “Назаві адным словам”) и г.д. На аснове гэтых гульняў  пашыраецца лексічны запас дзяцей;

гульні па развіцці звязнага маўлення: “Вы пытайцеся – мы адкажам”,

 “Адгадай, што мы задумалі”, “Лапатушкі”, “Хто больш убачыць”, “Паштальён прыносіць пісьмы”, “Адгадай па апісанню” і г.д. Гульні развіваюць інтанацыйна правільнае дыялагічнае беларускае маўленне, уменне ставіць пытанні і будаваць адказы на роднай мове;

гульні на фарміраванне граматычнага ладу беларускай мовы:

Скажы ласкава”,  “Куды што пакладзём”, “Хто што ўмее рабіць”, “Хто ў каго ёсць?” і г.д. Гульні спрыяюць развіццю навыкаў словаўтварэння, дапасавання прыметнікаў да назоўнікаў  у родзе, ліку, правільным ужыванні прыназоўнікаў, фарміруюць уменні ўтвараць памяншальна-ласкальную  форму назоўнікаў і інш.;

гульні на фарміраванне гукавой культуры маўлення: “Будзільнік”,

“Пільшчыкі”, “Пчолы і камары”, “Мухі ў павуціне”, “Прагулка на веласіпедах”, “Прагны кот”, “Верабейчыкі”, “Адгадай па гуку” і г.д. Такія гульні замацоўваюць правільнае  спецыфічнае вымаўленне  беларускіх гукаў, гукаспалучэнняў, іх артыкуляцыю;

гульні па фарміраванні ўяўленняў пра родны край:  “Апрані Янку і Арынку ў нацыянальнае адзенне?”, “Прыродныя сімвалы Беларусі”,  “Расліны роднага краю”, “Птушкі Беларусі”, “Падарожжа з Дзедам Усяведам па малой радзіме”, “Вандроўка па родным краі” і г.д. Такія гульні пашыраюць уяўленні аб родным краі, яго гісторыі, а таксама спрыяюць развіццю слоўнікавага запасу;

лагічныя гульні і практыкаванні:  “Раскладзі па велічыні”, “Чацвёрты лішні”, “Адзін ці шмат”, “Калі гэта бывае?” і г.д. Гэтыя гульні праводзяцца з прадметамі, малюнкамі або на словах і фарміруюць у дзяцей уменні абагульняць і класіфікаваць прадметы на беларускай мове;

гульні па матэрыялах беларускіх народных казак і фальклору: “Дапаможам гаспадыні”, “Каго не стала”, “Хто жыве ў казцы”, “Адгадай, з якой гэта казкі”, “Адгадай загадку” і інш. Дзеці замацоўваюць веды аб казках,  героях беларускіх казак і фальклору, пры гэтэм  развіваецца звязнае маўленне выхаванцаў.

гульні са словамі, гукамі , рыфмамі:

гульні, накіраваныя на азнаямленне з мнагазначнымі словамі: “Якія бываюць іголкі?”, “Грабеньчык”, “Што можа быць залатым?”, “Што гэта за коцікі?”. Выхаванцы знаёмяцца падчас гульні з мнагазначнасцю беларускіх слоў, а таксама з некаторымі  словамі ў прамым і  пераносным сэнсе;

гульні і практыкаванні на ўтварэнне назваў людзей і прафесій , на утварэнне назваў жывёл і іх дзіцянят: “Шмат прафесій ёсць на свеце”, “Абыяк-абібок”, “Хто ў каго”, “Тата, мама і дзіця”, “Назаві сям’ю”, “Мамы і дзеткі”, “Камарыны канцэрт” і інш. Гульні выпрацоўваюць арыентыроўку на  гучанне граматычных форм, пры дапамозе якіх утвараюцца назвы людзей і прафесій, вучаць суадносяць назвы  жывёл, што абазначаюць істот мужчынскага і жаночага роду  і іх дзіцянят. Вельмі падабаецца дзецям нескладаная рыфма (“гульня “Тата,мама і дзіця), на аснове якой выхаванцы самастойна складаюць вершы-апісанні пра іншых жывёл:

Тата-лось, ласіха- мама,

І дзіця ў іх ёсць таксама,

Мае гучнае імя.  А якое?...(ласяня)

З дапамогаю дыдактычных гульняў у дзяцей выпрацоўваецца навык самастойна размаўляць і думаць на беларускай мове, выкарыстоўваць атрыманыя веды ў зносінах і ў самых разнастайных умовах у адпаведнасці з пастаўленай задачай."

 

Нарбутовіч Ларыса Іванаўна,

выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА “Яслі-сад г.п.Мір”

 

Фотогалерея: