РУС БЕЛ ENG 中文

Міні-вытворчасць для інавацый “Квітней, мой край!” З павагай да кожнага вучня

04.02.2021

 

“Без жадання змяніць свет няма настаўніка”, — лічыць настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 9 імя Ф.П.Кірычэнкі Гродна Аліна Касцюк. І яна сапраўды мяняе свет вакол сябе сваім прыкладам, наватарскімі падыходамі, творчым запалам і энтузіязмам, адданасцю ўсёй душой любімай працы і сваім вучням. Аліна Іванаўна даражыць поспехамі кожнага свайго вучня, імкнучыся выхаваць не толькі пісьменных людзей, але і творчых асоб. Ужо амаль 40 гадоў яна працуе ў адукацыі, з іх 20 — у гімназіі № 9. Настаўніца карыстаецца павагай сярод калег і кіраўніцтва. Чарговае прызнанне заслуг педагог атрымала напярэдадні Дня настаўніка: Аліна Іванаўна Касцюк узнагароджана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”, а днямі за асабісты ўклад у развіццё расійска-беларускага гуманітарнага супрацоўніцтва па рашэнні прэзідыума Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы — медалём “За грамадскае служэнне Саюзнай дзяржаве”.

Толькі цёплыя словы ў адрас педагога адрасавала дырэктар гімназіі № 9 імя Ф.П.Кірычэнкі Гродна Аксана Надудзік:

— Аліна Іванаўна — чалавек з вялікай літары, сапраўдны прафесіянал. Яна карыстаецца вялікай павагай у калектыве, у дзяцей, яны да яе цягнуцца і цэняць. Ад гэтага і такі высокі вынік. Да таго ж яна цудоўны чалавек, жонка, бабуля. Адчуваецца, што яе падтрымлівае сям’я, а калі ёсць такая падтрымка, то хочацца працаваць, тварыць. І дзеці адчуваюць гэта, іх не падманеш.

Шмат гадоў поруч з Алінай Касцюк працуе намеснік па выхаваўчай рабоце Святлана Салей і ганарыцца гэтым.

— Я бачыла работу Аліны Іванаўны не толькі як прадметніка, а і як класнай “мамы”, калі кожны вучань быў агорнуты яе любоўю, цеплынёй, — падзялілася сваімі думкамі Святлана Салей. — Яна хутка авалодала камп’ютарам, адна з першых стварыла свой уласны блог, а затым сайт, прымала ўдзел у такіх конкурсах, як, напрыклад, “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, і многіх іншых. Яе адметнасць не толькі ў тым, што займаецца з алімпіяднікамі, яна і сама вельмі творчы чалавек: піша вершы, крытычныя нарысы, друкуецца ў часопісах не толькі Рэспублікі Беларусь, але і Расійскай Федэрацыі. Аліна Іванаўна вельмі цесна супрацоўнічае з многімі педагогамі з іншых школ не толькі Беларусі, але і Расіі. Яна настолькі ўмее натхніць сваім энтузіязмам, заўважыць тое, чаго не змог іншы чалавек, відаць, ніхто так не можа. Нам толькі застаецца спа­дзявацца, што яе творчы патэнцыял не вычарпаецца, як і яе жаданне тварыць.

Аліна Касцюк мэтанакіравана ішла да мары стаць настаўнікам. Добра разумела, што атрымаць вышэйшую адукацыю — гэта толькі першы крок.

— Як у рускіх народных казках, я прай­шла тры важныя этапы, — расказвае Аліна Іванаўна. — Першы — гэта школа выпрабаванняў, калі пасля Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1981 годзе паехала па размеркаванні ў Ашмянскі раён. І гэта сапраўды была школа выпрабаванняў, бо, акрамя ўрокаў рускай мовы, я выкладала фізічнае выхаванне, нямецкую мову. Прыходзілася чытаць методыкі выкладання, інтэрнэту тады не было. Але я ўдзячна цяжкасцям, якія зрабілі з мяне настаўніка.

Педагог упэўнена, што ёй шанцавала на школы. Другой стала родная Яварская сярэдняя школа ў Дзятлаўскім раёне. Калі прыехала туды працаваць, гэта ўжо была малакамплектная ўстанова. Тут маладога педагога сустрэлі цудоўны калектыў і адміністрацыя. Гэтая школа сапраўды дала ёй многае: тут Аліна Іванаўна атрымала вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Спачатку здавалася, што малакамплектная школа — гэта лёгка, бо ў класах усяго па 3—4 вучні. Аказалася, не так проста. Трэба было шукаць новыя падыходы, методыкі, і настаўніца гэтым займалася. А потым вечарамі, калі сям’я ішла спаць, садзілася правяраць сшыткі, чытаць. Цяпер яна ў­дзячна гэтай установе адукацыі, бо зразумела, што малакамплектная школа — маленькі калектыў аднадумцаў.

— Гэтая школа паказала, што праца настаўніка — гэта ахвяраванне сваім часам і сваёй сям’ёй. Яна патрабуе вялікай самааддачы, вельмі многа трэба працаваць над сабой, — адзначыла педагог.

Калі сям’я пераехала ў Гродна, Аліна Іванаўна трапіла на работу ў гімназію № 9 і зразумела, што апынулася ў сваёй стыхіі. Калі прыйшла ў свой клас, а гэта быў сапраўды вельмі падрыхтаваны клас, першую ж работу ўсе напісалі на выдатна.

— У гімназіі адчула, што гэта маё, — прызнаецца педагог. — З’явіўся нават нейкі пад’ём. Зразумела, што мне як настаўніку трэба працаваць яшчэ больш, бо гэта зусім іншыя дзеці. Я бачыла, што гімназісты ўмеюць добра разважаць, пісаць, а значыць, можна развіваць іх творчыя здольнасці, планаваць работу так, каб вучні не толькі атрымлівалі веды, але і развіваліся, выдавалі нейкі гатовы прадукт. Шмат працавала над сабой, прайшла міжнародную завочную школу па асваенні інтэрнэт-прасторы. Было цяжка, але справілася. І сёння кажу сваім вучням: каб нечага дасягнуць, трэба вельмі многа працаваць.

Аднак калі ў педагога пытаюцца, у чым поспех работы з такімі дзецьмі, яна на першае месца ставіць уважлівыя адносіны да вучня, і не толькі да яго перамог, але і да яго засмучэнняў, няўдач і ні ў якім разе не да ляноты. Можна падтрымаць, калі ў вучня нешта не атрымліваецца, але не калі ён проста гультайнічае.

Аліна Іванаўна вяла два класы ад 5 да выпускнога. Сёння яна працуе толькі са старшакласнікамі. Профільныя філалагічныя для педагога-наватара, які сам імкнецца да творчасці і падштурхоўвае ў гэтым напрамку вучняў, — сапраўднае прафесійнае шчасце. З такімі дзецьмі працаваць цікава.

— Толькі на ўроках настаўніцкае жыццё не заканчваецца. Гэта важна разумець. І не таму, што я прыношу дадому сшыткі, планую заняткі на наступны дзень. Калі няма працягу ўрока, то, відаць, няма і сэнсу ў рабоце. У чым ён заключаецца? Гэта пазакласная работа па прадмеце, якая абу­джае думку дзіцяці, падштурхоўвае ўдзельнічаць у праектах, — дадае Аліна Іванаўна.

А праектаў шмат, як і творчых конкурсаў. Напрыклад, эпісталярныя, у якіх гімназісты на працягу 6—7 гадоў трымаюць першыя месцы. Аліна Касцюк упэўнена, што кожнае дзіця ад прыроды адоранае. Задача настаўніка — развіваць гэтыя творчыя здольнасці.

У 2019 годзе настаўніца рускай мовы і літаратуры з Расіі Вольга Голубева запрасіла прыняць удзел у міжнародным праекце “Чытацкі марафон”. Гродзенскія гімназісты не проста падтрымалі ідэю, а з галавой акунуліся ў цікавую справу. Выбіраюць кнігу месяца, чытаюць яе, а затым пішуць водгукі. За год гімназісты напісалі больш за 260 водгукаў. Аліна Іванаўна таксама чытае тую ж кнігу, што і дзеці, і піша водгук. Такім чынам, аказалася, можна прывучыць падлеткаў да чытання.

Для школьніка важна, каб тое, што ён напісаў, было надрукавана. Настаўніку вельмі хацелася захаваць іх творы, таму і прыдумала блог “Урокі рускай”. У асноўным там друкуюцца водгукі “Чытацкага марафону”, нейкія рэкамендацыі, парады. Калі работа школьніка надрукавана, з’яўляецца і адзнака ў класным журнале. Дзецям прыемна, радуюцца і іх бацькі, бабулі.

У міжнародным конкурсе рэцэнзій і эсэ “Па той бок экрана” гімназісты ўдзельнічаюць ужо сёмы год. У гэтым годзе пабілі рэкорд — адправілі на конкурс 6 работ. Дзеці падрыхтаваныя, лічыць педагог, а значыць, яны могуць не толькі напісаць водгук на кнігу, але і рэцэнзію на кінастужку. Вынік гэтага года: 1-е месца — у Карыны Луневіч, 2-е — у Ганны Маркевіч, Канстанціна Каленіка, Аляксандры Ганчаровай, Кацярыны Зайцавай, 3-е — у Паліны Вінаградавай. Падзяку ад арганізатараў конкурсу атрымала і А.І.Касцюк.

Настаўніца ганарыцца перамогамі сваіх вучняў. Яшчэ ў 2008 годзе Алена Ярашэвіч заняла 1-е месца ў алімпіядзе Саюзнай дзяржавы. У мінулым годзе алімпіяда праходзіла ў Магілёве, удзел прымала Карына Луневіч. І зноў перамога сярод 45 школьнікаў. Дзяўчына і ў гэтым годзе сур’ёзна рыхтуецца да алімпіяды. Важнай была і Пушкінская алімпіяда ў 2019 годзе, якая праходзіла ў Маскве. 10 вучняў з Рэспублікі Беларусь завочна прайшлі этап, сярод іх трое — з гродзенскай гімназіі № 9. Юлія Масталавіца атрымала дыплом ІІ ступені.

На думку кіраўніка школы, на такі ўзровень вучань без дапамогі настаўніка не падымецца. Калі б не аказаўся побач такі педагог, як Аліна Іванаўна Касцюк, можа, і не было б магчымасці праявіць свае здольнасці. Сям’я, безумоўна, уплывае на выхаванне дзіцяці, але і ролю настаўніка нельга прыніжаць.

Аліна Касцюк вядзе не толькі блог, але і сайт “ПРОФІЛЬ.ру”, які сама і стварыла. Гэта дапамагае не толькі вучням, але і настаўніцы ўбачыць зваротную рэакцыю. Прыемна, калі школьнікі прызнаюцца, што справіліся з усімі тэстамі на сайце. Гэта як працяг урока.

Аліна Іванаўна ганарыцца поспехамі сваіх выпускнікоў, няважна, сталі яны філолагамі альбо выбралі іншы кірунак. З гордасцю расказвае пра дачку Вольгу і сына Аляксея, пра пяцярых унукаў. І не перастае марыць, будаваць планы на новы дзень, які прынясе сустрэчу з любімымі вучнямі.

 

источник: "Настаўніцкая газета"