РУС БЕЛ ENG 中文

Наведалі краіну маленства выхаванцаў ясляў-сада №3 Навагрудка

01.02.2021

 

Мы завяршаем праект «У краіне маленства». Фінальным акордам стала знаёмства з установай дашкольнай адукацыі, якая за практычна шэсць дзясяткаў гадоў свайго існавання стала другім домам больш чым для тысячы дзяўчынак і хлопчыкаў. Яслі-сад № 3 хоць і невялікая ўстанова адукацыі, але па-дамашняму ўтульная. Разумець і адчуваць дзіцячы свет, «падабраць той самы ключык» да сэрца кожнага дзіцяці, раскрыць яго індывідуальнасць, таленты і здольнасці – задача, якую ставіць перад сабой крэатыўны педагагічны калектыў ясляў-саду. Да слова, яны з ёй выдатна спраўляюцца.

– Наш яслі-сад – гэта сям'я. Гэта мілыя, добрыя, вясёлыя, шумныя, выдатныя дзеці, добразычлівыя бацькі і творчыя, працавітыя, спагадлівыя педагогі, – адзначае загадчык установы дашкольнай адукацыі Аксана Арабчык. – Наш яслі-сад – гэта жывы арганізм, які дыхае, адчувае, радуецца і засмучаецца. Мы стараемся пранікнуць у сэрцы сваіх выхаванцаў, пасяліць у іх радасць, любоў і дабро. Наш яслі-сад – гэта цудоўная краіна, у якой магчыма ўсё: тут слабы і безабаронны становіцца моцным і адважным, тут, на першы погляд, сумны і нецікавы занятак лёгка ператвараецца ў вясёлую гульню. Мы робім усё магчымае, каб дзяцінства нашых выхаванцаў было цікавым, яркім і шчаслівым.

Як і ў любой сям'і, у яслях-садзе № 3 склаліся свае традыцыі. Сумеснае правядзенне галоўных свят у годзе – адна з самых значных.

Заўсёды весела ва ўстанове прахо­дзяць мерапрыемствы, прысвечаныя Дню абаронца Айчыны, Міжнароднаму жаночаму дню, святкаванню Каляд і Новага года... Бацькі становяцца актыўнымі ўдзельнікамі дзіцячых свят, з задавальненнем разам са сваімі дзецьмі спяваюць песні, чытаюць жартоўныя вершы, танцуюць, удзельнічаюць у конкурсах і спартыўных эстафетах.

– Нельга пераацаніць важнасць сумеснай работы ўстановы дашкольнай адукацыі і сям'і. Кожны з нас, педагогаў і бацькоў, нясе сваю долю адказнасці за скарб пад назвай «Дзяцінства», – упэўнена Аксана Віктараўна. – Менавіта ад дарослых, іх узгодненых дзеянняў, умення дамовіцца, дапамагчы адзін аднаму ў выхаванні дзяцей і залежыць асобаснае развіццё дзіцяці.

Тэрыторыя творчасці


Вы з замілаваннем назіраеце, як малыш гуляе, малюе, танцуе і музыцыруе? З цікавасцю слухаеце, як ён фантазіруе, нечакана прыдумляе сваё развіццё даўно знаёмых казачных сюжэтаў? Думаеце, ён проста весела праводзіць час? Не, у рэчаіснасці – ён творыць.

Творчасць мае вельмі важную ролю ў жыцці кожнага чалавека незалежна ад узросту. Фантазія дапамагае нам і ў адносінах з людзьмі, і ў працы. Але галоўнае – творчыя людзі ўмеюць выказваць сваю індывідуальнасць, што дапамагае дасягнуць поспеху ў любой справе.

Не здзіўляе, што ў яслях-садзе № 3 такую вялікую ролю адводзяць стварэнню адукацыйнага асяроддзя, у якім кожнае дзіця можа знайсці сабе занятак па душы, займацца любімым відам творчасці і развіваць свае таленты.

З задавальненнем выхаванцы наведваюць танцавальную студыю «Музычны серпанцін» і майстэрню малявання нетрадыцыйнымі тэхнікамі «Вясёлка фарбаў».

– Нетрадыцыйнае маляванне здзіўляе і захапляе дзяцей. Падпарадкоўваючыся натхненню, дзеці пазнаюць свет, вучацца самавыяўленню, нестандартна мысліць, заўважаць дэталі і вылучаць галоўнае, – расказвае выхавальнік ясляў-сада № 3, кіраўнік майстэрні «Вясёлка фарбаў» Кацярына Аляшкевіч. – Усім выхаванцам вельмі падабаецца маляваць пальчыкамі, рабіць малюнак далонню, ставіць на паперы кляксы і ў выніку атрымліваць незвычайны малюнак. З вялікім гонарам яны потым дэманструюць сябрам і бацькам свае работы на мастацкіх выстаўках, якія мы кожны квартал арганізоўваем ва ўстанове адукацыі.

Урокі дабрыні

Цеснае ўзаемадзеянне з царквой, акцэнт на духоўна-маральным выхаванні асобы дзіцяці – яшчэ адна базавая традыцыя ўстановы дашкольнай адукацыі.

На працягу 2016-2019 гг. яслі-сад № 3 з'яўляўся ўдзельнікам рэспубліканскага інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі фарміравання асобаснай і сацыяльнай ідэнтычнасці дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа».

Нягледзячы на тое, што праект ужо рэалізаваўся, жаданне ўзбагачаць свой духоўны свет засталося ва ўсіх – і ў дзяцей, і ў іх бацькоў, і ў педагогаў.

У яслях-садзе традыцыйна праходзяць «урокі дабрыні», на якіх выхаванцы сярэдніх і старэйшых груп знаёмяцца з праваслаўнымі каштоўнасцямі, традыцыямі. Штогод педагогамі ўстановы сумесна з праваслаўным сястрынствам арганізуюцца святы духоўнага характару. З задавальненнем удзельнічаюць дзеці ў дабрачынных акцыях «Белая кветка», «Захаваем жыццё на зямлі», «Цуды на Каляды», конкурсе «Прыгажосць Божага свету» і інш.

– Дзяцінства – гэта той час, калі фарміруюцца маральныя якасці і звычкі чалавека, адбываецца набыццё ведаў аб навакольным свеце. Дзіця ў першыя 7 гадоў жыцця ўбірае ў сябе ўсё, як губка. У гэты перыяд адбываецца бурнае назапашванне жыццёвага вопыту – маральнага, сацыяльнага, духоўнага, – тлумачыць выхавальнік малодшай групы Марына КРЫЦКАЯ. – Менавіта гэты ўзрост нельга прапусціць для станаўлення уяўленняў дзіцяці пра дабро і зло, пра маральныя эталоны, нормы паводзін і ўзаемаадносін.

Слова бацькам

 Святлана Кулак:

– Вельмі задаволены, што наша малодшая дачка Анастасія наведвае менавіта гэтую ўстанову адукацыі. У яслях-садзе № 3 пануе асаблівая атмасфера дабрыні і ўзаемаразумення. Педагогі і адміністрацыя вельмі добразычлівыя. Заўсёды дапамагаюць, накіроўваюць бацькоў у пытаннях, якія датычацца адукацыі і выхавання. Цікавыя заняткі, мноства конкурсаў і мерапрыемстваў, работа аб’яднанняў па інтарэсах – тут створаны ўсе ўмовы для развіцця дзяцей. З асаблівым хваляваннем заўсёды наведваем мерапрыемствы духоўна-маральнага накірунку. Добрыя, цёплыя, душэўныя, яны надоўга запамінаюцца і дзецям, і дарослым. У гэтыя перадсвяточныя дні хочацца пажадаць калектыву ясляў-сада моцнага здароўя, творчых поспехаў і сямейнага дабрабыту.

 

 Таццяна Курчэйка: 

– У нас самы лепшы дзіцячы сад. Так гавораць бацькі, чые дзеці кожную раніцу спяшаюцца хутчэй трапіць у сваю групу, сустрэцца з сябрамі і любімымі выхавальнікамі. Мне вельмі пашанцавала апынуцца ў гэтай катэгорыі. Установу дашкольнай адукацыі выбралі невыпадкова – яслі-сад № 3 наведвала старэйшая дачка, таму і малодшую прывялі сюды. Утульныя групы, мноства цацак, развіваючыя гульні, творчыя і клапатлівыя педагогі. Ва ўстанове выдатны дружны калектыў. Гэта адчуваюць і дзеці, і мы – бацькі, таму і ідзём у яслі-сад як да сябе дадому.

 

 

 

Вуснамі дзяцей

Выхаванцы старэйшай групы расказалі нам, за што яны любяць свой дзіцячы сад:

– У дзіцячым садзе весела. У мяне тут шмат сяброў. Самая-самая лепшая сяброўка – Сафія Маток, – сказала Ксенія.

– Я таксама люблю гуляць з сябрамі, асабліва ў дочкі-маці. А яшчэ – у дзіцячым садзе мяне навучылі лічыць да 20, – дадала Соф’я.

– Нас смачна кормяць. Больш за ўсё люблю гарохавы суп, пюрэ і катлеты, якія гатуюць павары для нас, – адзначыла Дар'я.

– У яслях-садзе шмат сяброў і шмат цацак, – расказаў Захар.

 

источник: редакция газеты «Новае жыццё»