РУС БЕЛ ENG 中文

Акцыя «Птушкі ля кармушкі»

14.01.2021

16–17 студзеня 2021 года стартуе традыцыйная акцыя «Птушкі ля кармушкі», якую ладзіць грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ). Мерапрыемства нагадвае пра тое, як важна падкормліваць пярнатых у халады, а таксама дазваляе адсачыць змены ў папуляцыях вераб'іных, каб потым своечасова на іх адрэагаваць.

Каб прыняць удзел у згаданай акцыі, трэба ў любы з названых дзён (ці на працягу двух дзён) падлічыць віды і колькасць птушак ля сваёй кармушкі на працягу адной гадзіны і даслаць звесткі арганізатарам шляхам запаўнення электроннай формы https://ptushki.org/feeders або з дапамогай паведамлення на старонках ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ў сацыяльных сетках Facebook і «ВКонтакте». Птушак можна лічыць і 3–4 гадзіны, але тады павінна быць 3–4 справаздачы, па адной для кожнай гадзіны.

Каб прасцей было ўстанавіць від птушкі, АПБ падрыхтавала міні-вызначальнік. На кармушцы можна сфатаграфаваць незнаёмую птушку, а потым яе вызначыць.

Сярод удзельнікаў акцыі грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» разыграе 10 значкоў з птушкамі.

Натхніцца для ўдзелу ў мерапрыемстве дапаможа анлайн-кармушка ў Белавежскай пушчы, адкуль ідзе жывая трансляцыя. Дзяліцца ўражаннямі і здымкамі, дапамагаць адзін аднаму з вызначэннем птушак можна ў тэлеграм-чаце «Ціў-ціў».

Арганізатары мерапрыемства заклікаюць падтрымліваць птушак у суровыя марозныя дні: па-першае, птушкі адчуваюць недахоп корма з-за снегавога насцілу, па-другое, ім патрабуецца больш энергіі, а значыць – больш ежы. Кожны можа без асаблівых высілкаў падтрымаць птушак – зрабіць простую кармушку, якая стане сапраўдным паратункам для дзясяткаў вялікіх сініц, вераб’ёў, зелянушак і іншых гасцей!

 

 

НІА
па матэрыялах сайта
ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»