РУС БЕЛ ENG 中文

Праграмаванне для дашкольнікаў праз гульню

16.12.2020

Праграмаванне ў дзіцячым садзе? Чаму не, вырашылі ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 89 Гродна і адкрылі групы па навучанні інжынернаму праграмаванню і асновам робататэхнікі.

Ва ўстанове планамерна займаліся развіццём канструктыўных здольнасцей дзяцей. Аднак час патрабаваў рухацца далей, асвойваць новыя нішы. Даведаўшыся пра школу лічбавых тэхналогій “Фарсайт”, створаную пры ­ўдзеле асацыяцыі “Робататэхніка і штучны інтэлект”, дамовіліся арганізаваць заняткі па праграмаванні і робататэхніцы для дзяцей з шасці гадоў.

— У маі мінулага года заключылі дагавор аб узаемадзеянні з асацыяцыяй “Робататэхніка і штучны інтэлект” і школай лічбавых тэхналогій “Фарсайт”, нашы педагогі прайшлі навучанне ў школе, мы закупілі канструктары Gigo, — расказала загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 89 Гродна Жанна Вайцяхоўская. — Мы першыя, з кім школа лічбавых тэхналогій “Фарсайт” стала працаваць з дзецьмі дашкольнага ўзросту. А такіх дзетак трэба яшчэ ўмець зацікавіць, бо яны не будуць слухаць, калі ім нецікава. Таксама наш выхавальнік-метадыст Таццяна Карпук вядзе заняткі матэматыкі ў дзяцей сярэдняй і старшай груп, што развівае матэматычнае мысленне. Карысным дадаткам сталі новыя развіццёвыя праграмы.

Заняткі па праграмаванні і робататэхніцы пачалі ў кастрычніку гэтага года. Спачатку пры дапамозе менеджара школы лічбавых тэхналогій правялі прэзентацыю для бацькоў старшых груп, расказалі, як будуць праходзіць заняткі. Іх гэта зацікавіла. Тады былі сфарміраваны дзве групы па 12 дзяцей і пачаліся заняткі. Дамовіліся, што ў канцы навучальнага года будуць арганізаваны спаборніцтвы паміж дзецьмі з цэнтра развіцця дзіцяці № 89 Гродна і тымі, што займаюцца ў “Фарсайце”. Дарэчы, педагогі школы сочаць за навучаннем, таму што сённяшнія дашкольнікі затым змогуць працяг­нуць займацца непасрэдна ў гэтай школе.

Пра карысць заняткаў расказала выхавальнік-метадыст дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Таццяна Карпук:

— Дашкольнік працуе з невялікімі элементамі, што дапамагае разві­ваць дробную маторыку. А мы ведаем, што маўленне дзіцяці знаходзіцца на кончыках пальцаў. Шасці- і сямігодкі атрымліваюць першы вопыт праграмавання, паляпшаюць матэматычныя навыкі, бо, працуючы з канструктарам, мы звяртаемся да разліку, сіметрыі, прапорцыі. Займаючыся ў камандзе, дзеці вучацца мець зносіны адно з адным, дамаўляцца, плюс яшчэ і мець зносіны з дарослым чалавекам. Яны атрымліваюць першыя навыкі прэзентацыі свайго вырабу, развіваюць мысленне, увагу, памяць. У далейшым гэта дазволіць ім больш глыбока разумець прынцыпы работы механізмаў і прылад, сфарміраваць матэматычнае і лагічнае мысленне, унутраную матывацыю да вучэння, развіць цікавасць да сучасных прафесій.

У дашкольным цэнтры працуюць з праграмамі дадатковай адукацыі “Крэатыўная лабараторыя: займальныя кубікі” (з базавым узроўнем вывучэння адукацыйнай галіны “Матэматыка”) і “Робаказка” (з базавым узроўнем вывучэння робататэхнікі).

“Крэатыўная лабараторыя: займальныя кубікі” з’яўляецца першай у цыкле вучэбных праграм, накіраваных на засваен­не навыкаў канструявання, а затым і праграмавання прылад і механізмаў. Гэта такі першы базавы канструктар для дзяцей. Справіўшыся з ім, яны змогуць асвоіць і больш складаныя.

“Робаказка” прызначана для дзяцей 5—6 гадоў, якім застаўся год да школы. У гэтай праграме яны асвойваюць элементарныя навыкі работы на камп’ютары або планшэце, ствараюць простыя алгарытмы элементарных праграм.

— Мы з дзецьмі проста гуляем. Толькі ў гульні можна данесці нешта да дашкольніка. Калі бяром тэму, звязаную, напрыклад, з фізікай, яна і для дарослага няпростая. Але дзецям усё стараемся падаваць у гульнявой форме. Спачатку тэорыя, а потым пераходзім да канструя­вання. Нашы выхаванцы ўжо збіралі гоначны аўтамабіль, самалёт, пажарную машыну, паралельна многае даведаліся аб гэтай тэхніцы, — расказала Таццяна Карпук.

— За два гады работы школай лічбавых тэхналогій “Фарсайт” паспяхова ­апрабаваны праграмы па комплексным і апераджальным навучанні дзяцей 5—17 гадоў, — адзначыла спецыяліст па маркетынгу школы лічбавых тэхналогій “Фарсайт” Марыя Бярнацкая. — Набыўшы несумненна паспяховы і станоўчы вопыт ранняга навучання дзяцей дашкольнага ўзросту, мы на практыцы пераканаліся, што дзеці 5—6 гадоў здольны якасна засвойваць веды па інжынерным канструяванні і праграмаванні. На занятках самыя малодшыя вучні атрымліва­юць элементарныя матэматычныя веды, навыкі самых простых высноў, развіваюць інжынернае мысленне і навыкі канструявання, асвойваюць асновы праграмавання, развіваюць дробную маторыку і творчыя здольнасці. Наш вопыт работы стаў базай для арганізацыі работы гуртка па праектаванні і праграмаванні ў ДЦРД 

№ 89. З радасцю адзначу, што ўстановы адукацыі пачынаюць разумець актуальнасць апераджальнага навучання дзяцей робататэхніцы і праграмаванню і робяць смелыя крокі ў навучанні дашкольнікаў інжынерным і лічбавым тэхналогіям.

Як дадала кіраўнік дашкольнай установы Жанна Вайцяхоўская, з новага года тут плануюць заключыць дагавор з факультэтам матэматыкі і інфарматыкі Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы з мэтай аказання цэнтру навуковай падтрымкі.

Педагогі ўпэўнены, што дашкольнікі, калі вырастуць і пяройдуць на новую ступень навучання ў школу лічбавых тэхналогій “Фарсайт”, будуць цікавіцца рашэннем усё больш складаных тэхнічных задач. 

Узровень іх ведаў і захопленасці будзе значна вышэйшы, чым у аднагодкаў. З гэтых вучняў у найбліжэйшай будучыні вырастуць спецыялісты ў сферы робататэхнікі.