РУС БЕЛ ENG 中文

Актыўная пазнавальная дзейнасць праз самастойную работу і творчую свабоду

07.10.2020

 

Ад першага настаўніка залежыць вельмі многае. У малодшым школьным узросце ў вучняў закладваюцца інтарэсы і схільнасці, вызначаюцца патрэбы, пачынаюць фарміравацца асновы дзейнасці: фарміруецца дапытлівасць, самастойнасць, актыўнасць, ініцыятыўнасць, развіваецца ўяўленне, творчае мысленне, уменне назіраць, параўноўваць, рабіць высновы. Сама прырода навучэнца пачатковай школы, яго імкненні і патрэбы патрабуюць адкрыццяў, пазнання новага. Таму задачай настаўніка пачатковай школы з’яўляецца стварэнне аптымальных умоў для развіцця асобы навучэнца, яго актыўнага інтэлектуальнага росту.

Настаўніку пачатковых класаў трэба правесці сваіх вучняў звілістай сцежкай ведаў: ад узнікнення цікавасці да працэсу пазнання — да імкнення да глыбокага і асэнсаванага засваення ведаў; а далей — да фарміравання навыкаў самастойнай работы па прымяненні атрыманых ведаў, развіцця творчых здольнасцей і камунікатыўных магчымасцей. Праверкай праведзенай настаўнікам працы становяцца вынікі кантрольных работ, адзнакі за чвэрць, вынікі ўдзелу ў конкурсах і алімпіядах.

Пра алімпіяды варта пагаварыць асобна. Ужо на працягу многіх гадоў я рыхтую сваіх вучняў да ўдзелу ў алімпіядах па рускай і беларускай мовах. Спрабаваць свае сілы ў алімпіядным руху на ўзроўні раёна мае вучні пачынаюць у трэцім класе. Для іх гэта сур’ёзнае выпрабаванне, да якога трэба грунтоўна рыхтавацца. Выніковасці ў падрыхтоўцы да алімпіяд можна дасягнуць толькі пры ўмове мэтанакіраванай і сістэматычнай работы настаўніка і вучняў у сістэме “ўрок — пазаўрочная работа па прадмеце” пачынаючы з першага класа. У выніку шматгадовай работы сфарміравала сістэму рэалізацыі індывідуальнай траекторыі развіцця навучэнца, заснаваную на ўзаемасувязі зместу і форм правядзення вучэбных, факультатыўных заняткаў, а таксама заняткаў у алімпіядных групах. Пры гэтым пераем­насць моўнага развіцця навучэнцаў з дапамогай узаемасувязі прапанаванага матэрыялу забяспечвае максімальную выніковасць работы.

Дыягнастычны этап — пачатак работы ў гэтым кірунку. Ён мае на ўвазе атрыманне інфармацыі аб узроўні развіцця пазнавальных працэсаў навучэнцаў і накіраваны перш за ўсё на выяўленне дзяцей з высокай матывацыяй. Матэрыял для высноў даюць гутаркі з выхавальнікамі, бацькамі, назіранне за дзіцем падчас заняткаў, азнаямленне з інфармацыяй псіхолага (вядучы тып памяці, мыслення, аб’ём увагі і інш.).

Асноўная форма работы ў школе — гэта, несумненна, урок. Што важней за ўсё на ўроку? Паспець вывучыць увесь запланаваны матэрыял? Думаю, што асноўная задача настаўніка — абудзіць разумовыя працэсы вучня. Як жа гэта зрабіць? Дапаможа ўнутраная дыферэнцыяцыя, арганізацыя індывідуальнай работы на ўроку, стварэнне індывідуальнага плана работы з навучэнцамі, якія рыхтуюцца да алімпіяд на ўроку. Неабходна распрацаваць сістэму прадукцыйных заданняў, звязаных з тэмай урока, каб выкарыстоўваць такія заданні на кожным этапе ўрока. Добры вынік дае выкарыстанне праблемных метадаў навучання, апераджальнага, развіццёвага навучання, эўрыстычных прыёмаў. У маіх вучняў ёсць сшыткі-скарбонкі з памяткамі, апорнымі схемамі, кластарамі па вывучаных тэмах. На ўроку і ў якасці дамашняга задання прапаную творчыя заданні, а таксама заданні павышанага ўзроўню складанасці. Цікавасць да прадметнага матэрыялу павышаецца і на нестандартным уроку.

Факультатыўныя заняткі даюць магчымасць паэтапнага паглыблення прадметных ведаў. Выкарыстоўваю тэкстацэнтрычны падыход у падачы матэрыялу, вяду сваіх вучняў ад слова да тэксту. Практыкую распрацоўку сістэмы прадукцыйных заданняў, звязаных з тэмай факультатыву і накіраваных на ўдасканаленне маўленчай культуры навучэнцаў. Выкарыстанне слоўнікаў і даведнікаў дае магчымасць спалучаць навуковасць і даступнасць у падачы матэрыялу, фарміраваць інфармацыйную культуру вучняў.

Пазакласная работа па прадмеце павінна спрыяць развіццю пазнавальнай дзейнасці. Перш за ўсё, гэта распрацоўкі пазакласных мерапрыемстваў пазнавальнага характару прадметнай накіраванасці: конкурсы грамацеяў, віктарыны, інтэлектуальныя гульні, накіраваныя на развіццё інтэлекту і памяці. Велізарную ролю адыгрывае прымяненне ІКТ. Гульнявыя формы работы павінны не столькі пацешыць, колькі захапіць вучняў. У працэсе гульні яны павінны атрымлівац­ь прадметныя і агульназначныя веды, што спрыяе фарміраванню прыватнапрадметных і агульнавучэбных уменняў і навыкаў.

Работа ў алімпіядных групах — важны этап навучання высокаматываваных вучняў. Практыкую апера­джальнае буйнаблокавае вывучэнне тэарэтычнага матэрыялу. Прывучаю дзяцей да сістэматызацыі матэрыялу, што магчыма дзякуючы вядзенню сшыткаў-скарбонак, слоўнічкаў фразеалагізмаў, прыказак, слоўнікавых слоў. На кожных занятках паўтараем пройдзены матэрыял. Арганізую работу з разнастайным па змесце вучэбным матэрыялам з усіх раздзелаў рускай мовы (фанетыка, арфаграфія, лексіка, марфалогія, сінтаксіс). Рыхтуючыся да кожных заняткаў, прапаную вучням самастойна выканаць алімпіядныя заданні на індывідуальных лістах, далей праводзім сумесную работу па іх праверцы. Сутыкаючыся з недахопамі ў ведах, праводзім карэкцыйную работу. Абавязкова прапрацоўваем алімпіядныя заданні мінулых гадоў. Практыкую шырокае прымяненне інтэрнэт-рэсурсаў.

Такая сістэма работы дае магчымасць кожнаму майму вучню вывучыць вучэбны матэрыял на розных узроўнях, стварае ўмовы для актыўнай пазнавальнай дзейнасці праз пасільную самастойную работу і творчую свабоду.

Алена ГАРОШКА,
настаўніца пачатковых класаў бярозаўскай сярэдняй школы № 3 Лідскага раёна Гродзенскай вобласці

https://nastgaz.by/